АДПАЧЫ́Н МЕТА́ЛАЎ,
працэс частковага аднаўлення структуры і фіз.-хім. уласцівасцяў дэфармаваных ці радыяцыйна апрамененых металаў і сплаваў. Адбываецца пры награванні да т-ры рэкрышталізацыі без змены мікраструктуры. Жалезныя вырабы награваюць да t 250—300 °C, легкаплаўкія металы і сплавы (напр., свінец) вытрымліваюць пры пакаёвай т-ры. Адпачын металаў ліквідуе скажэнні крышталічнай рашоткі, суправаджаецца зніжэннем эл. супраціўлення, скорасці растварэння ў кіслотах і межаў цякучасці металаў і сплаваў. Выкарыстоўваецца для павышэння пластычнасці канструкцыйных матэрыялаў без паніжэння іх трываласці.
т. 1, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)